не толькі назіраць за раслінамі, але і ахоўваць іх;
выхоўваць павагу да беларускай літаратуры, любоў да род-
нага краю, жаданне чытаць кнігі, вувучаць гісторыю сваёй
маленькай радзімы;
развіваць навыкі публічнага выступлення.
Метадычная мэта: пошукі новых формаў пазакласнай работы.
Абсталяванне: кніга Змітрака Марозава “Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі”, выстава малюнкаў з кнігі, вершы.
Ход мерапрыемства:
Настаўнік:
Аўтар – беларускі паэт, па прафесіі аграном, выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У яго скарбонцы – больш за 20 выданых кніг. Вельмі цікава, змястоўна, з веданнем справы апавядае ён пра найбольш распаўсюджаныя на Беларусі агародныя, палявыя і лугавыя расліны.
У кнізе прыведзен шэраг практычных парад з асабістых назіранняў аўтара, якія зацікавяць і маленькага, і дарослага чытача, усіх тых, хто займаецца агародніцтвам, вядзе сельскую гаспадарку. Усе апавяданні , а таксама паэтычныя радкі аб раслінах асветлены чалавечай дабрынёй, любоўю да роднай прыроды, надольным імкненнем зберагчы яе ад разбурэння.
Кніга багата ілюстрыравана. Яна выйшла ў 1998 годзе, прысвечана “дарагім бацькам Веры Паўлаўне і Дзмітрыю Васільевічу”.
Ва ўступе да кнігі аўтар звяртаецца да чытача: “ Кожная жывая сцяблінка хавае ў сабе па-свойму непаўторны бязмежны свет. Пастарайцеся ж не толькі розумам, але і сэрцам адкрыць і зразумець таямніцы раслін, бо, спасцігаючы прыроду, мы спасцігаем саміх сябе”.
Дапаможа нам пазнаёміцца са светам раслін галоўны герой гэтага твора – аграном Валошка.
Валошка: Добры дзень, сябры. Вы ўжо ведаеце, што кожная сцяблінка хавае ў сабе непаўторны бязмежны свет. Расліны ўсюды вакол нас. Мы жывём побач з імі. А ці ўсё мы ведаем пра нашых суседзяў? Давайце паблукаем па лузе, пройдзем палявымі дарожкамі, заглянем у агарод і бліжэй пазнаёмімся з “Зялёнымі сябрамі” чалавека. А дапамогуць нам у вандроўцы мае сябры Доктар, Повар і Гісторык.
Повар: А пачаць гутарку я прапаную з жыта, бо гэта самая галоўная расліна, з яе пякуць хлеб.
З даўніх часоў нашы продкі шанавалі хлеб. Хлебны бохан параўноўвалі з сонцам. У гонар хлеба складаліся гімны і песні. Хлебам і соллю заўсёды вітаюць самых дарагіх гасцей.
Хлеб не бывае лёгкім, бо за кожнай, нават самай маленькай, лустачкай стаіць нястомная праца соцен, тысяч людзей розных прафесій: аратых, сейбітаў, камбайнераў, брыгадзіраў, аграномаў, інжынераў, хлебапёкаў і іншых.
Слова “жыта” паходзіць ад слова “жыццё”, хлеб і жыццё заўсёды побач.
Валошка: Аўтар ў кнізе расказвае такую гісторыю:
Людзей у лагеры было шмат. Жылі мы ў халодных бараках. Сагравалі адзін аднаго цяплом сваіх целаў. Многія мае аднагодкі памерлі ад холаду і хвароб, ды больш за ўсё – ад голаду. На абед нам прыносілі баланду з гнілых буракоў ды падмарожаную параную бульбу. А мне вельмі хацелася хлеба.
Незадоўга да вызвалення я захварэла. Сілы пакідалі мяне. Я згасала і ў бяспамяцтве прасіла ў матулі кавалачак хлеба. Тады ўначы маці, рызыкуючы жыццём, выбралася з лагера і аднекуль прынесла мне лустачку чэрствага хлеба.
Бабуля змоўкла, выцерла краем хусцінкі вочы і, уздыхнуўшы, дадала: “Хлебу я абавязана жыццём”.
Гісторык: А ці ведаеце вы, колькі гадоў можа захоўвацца пшанічнае зярнятка? Некалькі тысячагоддзяў! Аб гэтым сведчыць зерне, знойдзенае ў грабніцах егіпецкіх фараонаў. Але больш за ўсё здзіўляе тое, што гэтыя зярняты захавалі здольнасць прарастаць і даваць жыццё новым раслінам.
Вучоныя лічаць, што радзімай пшаніцы з’яўляюцца краіны Паўднёва-Заходняй Азіі (Сірыя, Палесціна, Іарданія, Месапатамія). Плугоў тады не было. Старажытныя земляробы вострымі сукамі і палкамі аралі глебу, у якую кідалі насенне. Спелыя пшанічныя зярняты нашы продкі спачатку ўжывалі ў ежу ў сухім выглядзе, а пазней намочвалі іх у вадзе і варылі кашу.
Повар:Вам, відаць, не раз даводзілася есці манную кашу, якую варыла маці з манных круп. Манныя крупы, як макароны і вермішэль, вырабляюцца з пшаніцы.
З пшанічнай мукі хлебапёкі пякуць на дзіва белы, наздраваты хлеб, батоны, булкі, ражкі, абаранкі, сушкі, для дзяцей – булачкі “Калабок”, “Зарніцы” і інш.
Пшанічную муку нярэдка змешваюць з аржаной. З гэтай якасна новай мукі пякуць “Барадзінскі”, “Мінскі”, “Рыжскі”, “Арлоўскі” і іншыя гатункі хлеба.
Вядучы: А ведаеш, Валошка, чаму побач з жытнімі каласамі растуць твае браты-валошкі? Іх ніхто не сее, сама прырода паклапацілася, каб яны раслі побач з жытам. Земляробы іх не знішчаюць, любяць і берагуць, нават легенды складаюць.
Гісторык: Так. Так. Паслухайце адну.
Аднойчы багіня ўрадлівасці Цэрэра, блукаючы сярод палёў пачула самотныя галася васількоў. Яны скардзіліся, што хлебаробы хочуць адлучыць іх ад жыта. Цэрэра шчыра паспачувала бездапаможным кветкам і заступілася за іх. З гэтага часу, вырашыла яна, у васількоў , якія растуць побач з жытнёвымі каласамі, будзе прызначэнне: аздабляць каласы на свяце ўраджаю. Адзін раз у год іх будуць збіраць жнеі, каб упрыгожыць вянкамі з васількоў свае галовы.
У славян да нядаўняга часу існаваў звычай: першы сноп новага ўраджаю спавіваўся валошкамі і лічыўся імянінным. Яго ўрачыста , з песнямі прыносілі ў хату і ставілі на покуць.
Доктар: Васілёк здаўна вядомы як лекавая расліна. Гаючы настой з яго пялёсткаў дапамагае пры захворванні нырак і вачэй. З кветак васілька вырабляюць блакітную фарбу.
Любяць расліну пчолы, чмялі і восы, бо яна з’яўляецца добрым меданосам.
Як бачым, мой дарагі сябар, нягледзячы на меркаванне, што валошкі з’яўляюцца пустазеллем, карысці ад іх куды больш, чым шкоды. Чалавеку ж застаецца не так ужо і многа: умець своечасова прыкмеціць усе каштоўныя якасці з выгодай не толькі для сябе, але і для роднай прыроды.
І вось вам вузельчык на памяць.
Пры захворванні нырак карысна піць валошкавы настой. Рэцэпт прыгатавання настою просты: адну чайную лыжку сухіх кветак валошкі
трэба заварыць у шклянцы з кіпенем. Праз сорак пяць хвілін настой працэджваюць. Піць яго два-тры разы на дні перад ядой.
Валошка:Так, васілёк – гэта сімвал Беларусі. Многа вершаў прысвечана васільку.
Адвечная сэрца патрэба –
Вяртацца дароднай зямлі.
Блакітнымі зоркамі неба
У жыце валошкі ўзышлі.
Вядучы: А калі мы з вамі загаварылі пра кветкі, давайце пазнаёмімся яшчэ з некаторымі. (Выходзяць кветкі)
Да нас завіталі героі кнігі Змітрака Марозава.
Рамонкі:
1. Людзі прысвяцілі рамонкам шмат цудоўных вершаў і песень. Да нашых дзён у некаторых вёсках і сёлах захаваўся дзівосны звычай. На свята Івана Купалы юнакі і дзяўчаты збіраюцца каля ракі, водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча, кідаюць у ваду вянкі з рамонкаў. Згодна паданню, калі вянкі дзяўчыны і юнака сустрэнуцца, то тыя абавязкова пакахаюць адно аднаго на ўсё жыццё. У асобных мясцовасцях рамонкі называюць румянкамі за вельмі прыемны пах.
2. Знешне кветкі нагадваюць прыгожыя, шырока расплюшчаныя вочы, якія як бы ўглядаюцца ў блакітныя нябёсы.
1. Не ведаю, як табе, мой дарагі сябар, а мне часам здаецца, што рамонкі вядуць маўклівыя размовы з пералётнымі хмаркімі і вясновымі жаваранкамі, з летнімі загадкавымі зоркамі.
2. Як лекавая расліна рамонак быў вядомы яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Дактары Гіпакрат і Дыяскарыд выкарыстоўвал расліну пры захворваннях печані, нырак, пры галаўным болю і інш.
Доктар: Авіцэна гаварыў: “Рамонкі – найкаштоўнейшыя лекі ад стомы, бо іх цеплыня падобна цеплыні жывёлы”. Але з часам аб гаючых уласцівасцях рамонкаў забыліся, толькі ў пачатку нашага стагоддзя кветкі зноў пачалі служыць медыцыне. У суквеццях расліны ёсць эфірны алей, вітаміны, арганічныя кіслоты, якія так патрэбны хворым. Збіраюць расліну ўручную, калі пялёсткі кветак знаходзяцца ў гарызантальным становішчы.
Рамонкі:
1. Не могуць абысціся без рамонкаў парфумеры і касметолагі . настоі з кветак дабаўляюць у крэмы, адэкалоны, мыла, шампуні.
2. Звычайна рамонкі суседзяць з бярозкамі, ствараючы гарманічны, напоўнены паэзіяй жывой прыроды пейзаж.
Сярод бяроз, каля крынічкі,
Што не змаўкае круглы год,
Рамонкі – сонейка сястрычкі
Вясёлы ладзяць карагод.
1. Калі ж кветкі пасадзіць у фруктовым садзе, то дрэвы не будуць баяцца яблыневай пладажэркі. Капусту рамонкі аберагаюць ад вусенаў, флёксы – ад тлі.
Доктар: І яшчэ, паважаныя сябры, вам вузельчык на памяць.
Валасы, вымытыя ў рамонкавым адвары, набываюць прыгожае залацістае адценне. А той, хто часта мыецца моцным наварам з рамонкаў, мае пяшчотны, светлы колер скуры на твары. (Выходзіць Канюшына)
Канюшына: А я – каралева лугоў.
Па значнасці сярод лугавых траў я займаю такое ж месца, як пшаніца сярод хлебных злакаў. Паспрабуйце сабе ўявіць лугі і пашы без мяне. У кожным калгасе і саўгасе рэспублікі мяне сеюць. І я апраўдваю надзеі жывёлаводаў.
Абмыўся луг начнымі росамі,
Нектарам пахне травастой,
На канюшыне пчолы з восамі
Вядуць размову між сабой.
Доктар: А ці чулі вы, дзеткі, яшчэ пра аднаго незвычайнага лекара – зверабой. Нашы прашчуры лічылі гэту дзікую траву лекавым сродкам ад дзевяноста дзевяці хвароб.
Як без мукі не спячэш хлеба, так, без зверабою немагчыма лячыць шматлікія хваробы.
Выпі, родненькі, настой –
Сэрца заспявае,
Маладзільны зверабой
Цела ачышчае.
Нельга ўявіць сучасную медыцыну без прэпаратаў, атрыманых са зверабою адным з іх з’яўляецца іманін. Літаральна праз некалькі гадзін пасля прыняцця прэпарата знікае востры насмарк.
Повар: А які духмяны і смачны чай, завараны сухой травой расліны. Выпіў шклянку – і яшчэ хочацца!
У харчовай прамысловасці зверабой ужываюць для вырабу горкіх настоек, а таксама ў якасці прыправы для рыбных страў. З кветак расліны вырабляюць зялёную, чырвоную і ружовыя фарбы.
Доктар: А я вам , сябры, прапаноўваю вузельчык на памяць.
З травы зверабою ў хатніх умовах можна падрыхтаваць лекавую настойку або адвар. З гэтай мэты 10 грамаў сухой травы заварваюць у шклянцы з кіпенем. Праз некалькі гадзін лекавы настой можна піць пасля яды замест чаю.
Валошка:Самая горкая з траў – палын. І гэта адна з самых старажытных лекавых раслін, якія вядомы чалавецтву.
Доктар: Дактары старажытнасці прыпісвалі гэтай лекавай траве чарадзейную сілу, наракаючы яе не інакш, як “маці шматлікіх траў”. Існавала нават такая думка, што вандроўнік, які браў з сабой у дарогу каліва палыну, мог смела адпраўляцца ў самае далёкае , складанае падарожжа і пераадолець гэты шлях без стомы.
Гісторык: Палын лічыўся крыніцай здароўя. Нездарма ў Старажытным Рыме пераможцаў конных спаборніцтваў узнагароджвалі сокам гэтай лекавай травы, якая вяртала атлетам страчаныя сілы.
На Беларусі нашы продкі лічылі, што некалькі каліўцаў палыну, падвешаныя над уваходам у хату, захоўвалі сям’ю ад злых духаў. Увогуле з даўніх часоў існуе меркаванне, што палын увабраў у сябе гаркату чалавечых пакут. І сапраўды, цяжка адшукаць траву, гарчэйшую за яго.
З бяроз лістота адляцела
На крылах восеньскіх вятроў,
Палын самотны, пасівелы
Чакае моўчкі халадоў.
Валошка: А цяпер давайце завітаем на агарод. Хто там жыве?
Повар: А жыве там дзівосная іншаземка. Бульба. Звычайна людзі гавораць: “Бульба – хлебу падмога”. І гэта праўда. Без бульбы нельга ўявіць ні абыдзенны, ні ўрачыста-святочны стол. Заўсёды яна побач з хлебам, і ніхто не грэбуе ёй. Бульбу вараць, пякуць, смажаць, параць, фаршыруюць, сушаць. А якія апетытныя – толькі што з патэльні – дранікі!
Саладзей за пранікі
І смачней за дулі
Бульбяныя дранікі,
Што спячэ матуля.
Сучасныя кулінары могуць прыгатаваць з бульбы больш за 5000 розных страў.
Гісторык: Але не думайце, што бульба адразу прыйшла да нас такой, якой мы яе сёння бачым. Яе дзікія родзічы раслі ў ПаўднёвайАмерыцы, адкуль праз акіян бульбу мараплаўцы Хрыстафора Калумба завезлі ў Еўропу. На тэрыторыю Расіі клубні трапілі дзякуючы Пятру І .
Валошка: А ве ведаеце , сябры, што на агародзе суседства раслін можа быць карысным, і , наадварот, – шкодным. Напрыклад, агуркі сябруюць з гарохам, капустай, але не любяць бульбу. Затое бульба няблага ўжываецца з капустай. У сваю чаргу капуста недалюблівае памідоры і фасолю.
Доктар:Сёння качан капусты – зялёная кладоўка вітамінаў і мінеральных солей. Яны спрыяюць правільнаму абмену рэчываў у чалавечым арганізме. Напрыклад, наяўнасць у ёй клятчаткі стымулюе дзейнасць кішэчніка, спрыяе жыццядзейнасці кішэчнай палачкі, а таксама выдаленню з арганізму шкоднага халестырыну. Невялікая колькасць вугляводаў дазваляе ўжываць капусту хворым дыябетам. Багата ў расліне солей калію, якія стымулююць дзейнасць сэрца. Шмат у качанах караціну і вітамінаў, асабліва вітаміну С, які спрыяе ўстойлівасці арганізма супраць шматлікіх інфекцый, вылечвае цынгу, паскарае загойванне ран.
Валошка: Цікава, з якімі культурамі сябруе морква? Сеюць яе побач з памідорамі, цыбуляй і гарохам. Дарэчы, цыбуля абараняе моркву ад шкоднага насякомага – маркоўнай мухі.
Вядучы: А як жа можна сябраваць з цыбуляй? Яна ж злая.
Гісторык: Цыбуля – сапраўдная скарбонка здароўя. Яшчэ ў старажытнасці людзі заўважылі, што пах цыбулі засцерагае ад шматлікіх хвароб
Шчыруе на градах матуля,
Агледзела дбайна парнік,
Зялёныя пёркі цыбулі
З пятрушкай ірве ў халаднік.
Як сведчыць Герадот, цыбуля была вядома старажытным егіпцянам. вырошчвалі яе на вялікіх плантацыях у даліне ракі Ніл. Вядомасць і шырокае распаўсэджванне гэта расліна атрымала ў Старажытным Кітаі, антычнай Грэцыі і Рыме.
Валошка: Папулярнасць цыбулі ў розных народаў тлумачыцца наяўнасцю вялікай колькасці цукру, бялку, а таксама мінеральных солей, эфірнага масла, шэрагу вітамінаў, у прыватнасці вітаміну С. Не вельмі прыемны ў расліны смак. Нездарма наша продкі склалі пра цыбулю загадку: “Ляжыць грушка ў чырвоным кажушку , хто яе ўкусіць, той плакаць мусіць”.
Доктар: Сырая цыбуліна , пацёртая на тарцы з яблыкамі, з лыжкай-другой мёду, дапамагае пры запаленні горла. Асабліва шмат у расліне фітанцыдаў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Прэпараты, атрыманыя з іх, з’яўляюцца надзейным сродкам у барацьбе са шкоднымі для чалавечага арганізма бактэрыямі і мікробамі, якія выклікаюць чуму і халеру.
Вядучы: А зараз я прапаную вам
Конкурс “Намалюй боршч”. (Вучні малююць прадукты, якія неабходны для прыгатавання баршча).
Конкурс “Складзі верш”. (Вучні ўзнаўляюць верш Зм.Марозава. Складаюць разрэзаны на асобныя словы, фразы верш.)
Паглядзець танец “Бульба” у выкананні танцавальнага калектыва школы.